Лагойск
Як было не абраць людзям, якія жылі больш за тысячу год таму, маляўнічае мястэчка на правым беразе ракі Гайны для пабудовы паселішча? На месцы, дзе зараз знаходзіцца парк Тышкевічаў, размяшчаўся земляны вал, увянчаны дзядзінцам з бярвеністай сцяной. З высокіх узгоркаў, на дзесяткі кіламетраў вакол былі бачныя наваколлі — гэта і дапамагала Лагойску (Лагожаску) выконваць ролю умацавання, якое знаходзілася на шляху да Полацка заваёўнікаў, якія рухаліся з поўдня. Першапачатковая назва горада — «Логожьскъ». Паводле самага абгрунтаванага меркавання гэтая назва паходзіць ад ракі Лагаза, якая ўпадае ў Гайну, і суфікса «-ск». А ужо ў сваю чаргу назва Лагаза паходзіць ад слова «лагчына».
Гiсторыя Лагойска
З тым часам, калі старажытны Лагойск уваходзіў у склад Полацкага княства, і звязаны першы ўспамін пра горад на старонках пісьмовай гісторыі. Пад час паходу, які датуецца 1078 годам, на Полацкае княства кіеўскі князь Уладзімір Манамах пісаў у сваім вядомым «Павучанні»:
Пожёг землю и повоевав до Лукомля и до Логожьска.
Наступны успамін «Логожьска» — 1127 год: унук Манамаха здзейсніў вялікі паход на Полацкую зямлю. Атрад лагажан быў захоплены ў палон, а горад пасля двух дзён аблогі «устрашившеся» здаўся.
У 1180 годзе Лагожск стаў центрам Лагожскага княства — адной з доляў Менскага княства. Князямі тут былі Ўсяслаў Мікуліч у тым самым годзе, а Васілька Валадаравіч — у 1186 годзе, ён быў сынам менскага князя.
Апошнім успамінам пра горад у XII стагоддзі сталася змена князя ў 1186 годзе. З таго часу пісьмовыя ўспаміны пра Лагойск на працяглы час знікаюць. Зважаючы па археалагічных раскопах, якія праводзіліся ў 1966–1969 гг., у XIII стагоддзі горад актыўна развіваўся, але моцна пацярпеў ад пажару. Культурны слой канца XIII–XIV прасочваецца вельмі слаба — адбыўся ўпадак у развіцці горада. Таму уявіць хоць нешта з тых часоў, калі горад не ўспамінаецца ў летапісах, можна толькі па легендах і паданнях. Напрыклад, у адным з такіх народных успамінаў Лагойскі край падаецца як тэрыторыя з вялікай колькасцю ўзгоркаў, на якіх у вярсце адна ад адной стаялі цэрквы. І прамежак ад бліжэйшай да гарадзішча да самай далёкай царквы быў ажно сто вёрст!
Новай вяхой у гісторыі Лагойска стаўся яго ўваход у склад Вялікага Княства Літоўскага ў першай чвэрці XIV стагоддзя. Пачаўся ланцужок пераходаў паселішча ад аднаго гаспадара да іншага. У канцы XIV стагоддзя горад з’яўляўся цэнтрам маленькай воласці ў ВКЛ, панаваў тут у той час літоўскі баярын Войшвіл. У 1387 годзе ўспамінаецца існаванне ў Лагойску праваслаўнага манастыра Яна Прадцечы. У тым самым годзе Скрыгайла атрымаў ад свайго старэйшага брата, князя Ягайлы Альгердавіча, землі цэнтральнай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Сярод гэтых земляў апынуўся і Лагойск. Усяго праз пяць год, у 1392 годзе горад перайшоў у валоданне да вялікага князя ВКЛ Вітаўта. У пачатку XV стагоддзя пачалі з’яўляцца ўспаміны пра паселішчы каля Лагойска: Гайна, Корань, Гасцілавічы, Астрошыцы і г. д. У 1460 годзе горад быў перададзены ў падарунак вялікім князям ВКЛ і каралём польскім Казімірам князю Аляксандру Чартарыйскаму (Чарторыжскому).
Цяжкая доля спасцігла замак і горад у 1505 годзе: крымскія татары Махмет-Гірэя абрабавалі, спалілі Лагойск і забралі ў палон унукаў Аляксандра Чартарыйскага. Завяршальнай рысай, якая ледзь было не сталася апошнім успамінам пра Лагойск у гісторыі, стаў разбуральны паход войскаў Маскоўскага княства, на шляху ў якіх апынуўся шматпакутны горад.
У 1514 годзе Васіль Тышкевіч ажаніўся з унучкай Аляксандра Чартарыйскага. А ў 1528, потым 1531 годзе дзве часткі Лагойска перайшлі ад сёстраў князя Сямёна Чартарыйскага (сын Аляксандра Чартарыйскага) да пана Васіля Тышкевіча (Цішковіча), які і стаў першым уладальнікам горада з роду Тышкевічаў. У 1531–32 гг. Васіль пабудаваў у Лагойску новы замак, перабудаваў умацаванні і Багаяўленскую царкву. У 1569 годзе Васіль Тышкевіч атрымаў ад вялікага князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста графскі тытул «на Лагойску і Бярдзічаве».
Пасля смерці першага ўладальніка Тышкевіча ўлада апынулася ў руках яго ўнукаў: Марціна і Фёдара Юр’евічаў, якія падзялілі спадчыну напалам. Аднак і гэты перадзел лагойскага маёнтку ня стаўся апошнім. У 1603 годзе Лагойск з замкам перайшоў да яшчэ аднаго Юр’евіча — Аляксандра Тышкевіча. Ён прыняў у Італіі каталіцкую веру, а ў 1604 годзе пабудаваў у Лагойску каталіцкі касцёл, у якім надалей хавалі памерлых прадстаўнікоў лагойскай галіны роду Тышкевічаў. Сыны Марціна Тышкевіча Ёзэф і Філон сталі наступным пакаленнем уладальнікаў Лагойска. Часам іх кіравання Лагойскам прозвішча «Тышкевічі» атрымала канчатковы выгляд пры напісанні. А нашчадкі Ёзэфа і Філона валодалі горадам да 1927 году.
Цяжкі перыяд у гісторыі горада — вайна Расіі з Рэччу Паспалітай. У 1655 годзе горад пасля пяці год акупацыі быў знішчаны рускім войскам. Пасля гэтага і горадам Лагойск цяжка было назваць: двары, што засталіся можна было пералічыць на пальцах. І каб хоць неяк адрадзіць горад, у 1673 годзе гараджане атрымалі права на штотыднёвы гандаль і дзве ярмаркі ў год.
XVIII стагоддзе для Лагойска сталася таксама разбуральным. У маі 1708 году ў час Паўночнай вайны (1700–1721 гг.) шведскае войска Карла XII захапіла Лагойск, спаліла замак, які пасля вайны так і не быў адбудаваны зноў. На месцы замка Станіслаў Тышкевіч збудаваў Базыліянскі кляштар, пры якім адчыніліся невялікія прыхадская і музычная школы. У 1834 годзе кляштар быў зачынены, а ў 1841 годзе будынак разабраны.
У 1793 годзе Расія і Прусія падпісалі канвенцыю пра другі падзел Рэчы Паспалітай і тэрыторыя сучаснага Лагойскага раёна згодна гэтаму дакументу адыйшла да Расіі. Валодалі Лагойскам у той час Жмудскі каштэлян (кіруючы замкам і прылеглымі тэрыторыямі) Станістаў і былы канцлер ВКЛ Вінсэнт Тышкевічы. Дамінік Феліцыянавіч Тышкевіч, наступны ўладар горада, передаў права валодання свайму меньшаму брату — Пію Феліцыянавічу. Ён і надаў, магчыма, самы моцны штуршок для ўсебаковага развіцця Лагойска. Пій Тышкевіч — маршалак шляхты Барысаўскага павету, ганаровы чалец Віленскай Археалагічнай камісіі, бацька найвядомейшых беларускіх археолагаў і этнографаў Канстанціна і Яўстаха. Граф пражыў працяглае жыццё 102 года з 1756 да 1858 году. Менавіта яго намаганнямі ў 1815 годзе быў пабудаваны новы вялізны ампірны палац, муры якога можна ўбачыць зараз у Лагойскім парку Тышкевічаў.
Другая палова XIX стагоддзя для Лагойска характэрная адчыненнем ткацкай і сельскагаспадарчай фабрык; меднага і скуранога заводаў; банка, вадзянога млыну, крамаў і шмат чаго іншага. У 1918 годзе Лагойск акупавалі нямецкія войскі, у 1920 — польскія. Прыход савецкай улады на Лагойшчыну быў адзначаны сялянскім вандалізмам. Тышкевічы, якія ўзнялі горад на еўрапейскі ўзровень, вымушаны былі пакінуць горад.
У 1924 годзе Лагойск стаў цэнтрам Лагойскага раёна, а ў 1938 атрымаў статус гарадскога пасёлка. У 41–44 гг. Лагойск займалі немцы. У 1998 г. Лагойск атрымаў статус горада.