Касцёл св. Казіміра ў Лагойску

У 1609 г. Аляксандр Юр’евіч Тышкевіч, унук заснавальніка знакамітага магнацкага роду, прыняў каталіцтва і ў знак пераходу ў лацінскі абрад заснаваў у Лагойску касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і св. Казіміра. Храм пабудавалі на пагорку за ракой Гайнай. Тады гэта была невялікая драўляная святыня, якая згарэла падчас вайны з Масковіяй у 1655 г., але, адбудаваная нанова, была яшчэ раз знішчаная ў часы шведскай навалы ў 1706 годзе.

У 1709 г. драўляны касцёл зноў узвысіўся над Лагойскам. Ён уяўляў сабой залавы, крыжападобны ў плане, 2-вежавы, з дзвюма закрыстыямі аб’ём, пакрыты гонтай. Над франтонам галоўнага фасада ўзвышалася невялікая вежа, падобная да яе была над прэзбітэрыем і яшчэ адна вежа — над сяродкрыжжам касцёла. Столь у святыні была падшыўной па бэльках. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі чатыры 2-ярусныя, «на оптыцы маляваныя», алтары. Побач з будынкам стаяла 2-ярусная драўляная, крытая гонтай званіца. Пры лагойскім касцёле дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, брацтва Сэрца Езуса, заснаванае ў 1747 г.

Драўляны касцёл 1609 года

17 красавіка 1787 г. граф Тышкевіч, генерал войскаў літоўскіх, пачаў узвядзенне ў Лагойску новага мураванага касцёла. Завяршыў будаўніцтва ўжо ягоны сын Вікенці, і 20 кастрычніка 1793 г. новы касцёл у стылі класіцызму быў асвечаны пад ранейшым тытулам св. Казіміра. Будынак уяўляў сабой залавы, прамакутны ў плане аб’ём «даўжынёю — 31 і шырынёю — 16 аршынаў» (каля 22×11,4 м) пад 2-схільным гонтавым дахам з сігнатуркай над прэзбітэрыем, фланкаваным дзвюма 2-павярховымі закрыстыямі. У 1806 г. над 4-калонным порцікам галоўнага фасада святыні ўзнеслася высокая вежа з гадзіннікам, перанесеным сюды з скасаванай лагойскай ратушы. Галоўны алтар касцёла быў намаляваны ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу, тым не менш плоская сцяна апсіды мела нішу, у якой з 1817 г. знаходзілася драўляная фігура Езуса Назарэтаніна ў натуральную велічыню. У 1843 г. сюды прывезлі рэліквіі св. Казіміра. Бакавыя алтары, таксама «аптычна маляваныя» — св. Антонія і Беззаганнага Пачацця Марыі Панны — завяршаліся абразамі св. Вікенція і св. Казіміра адпаведна, «у круглых рамах». Яшчэ адзін алтар — велічнае Укрыжаванне — знаходзіўся ў крыпце пад касцёлам, дзе знайшлі спачын многія пакаленні Тышкевічаў.

У 1907 г. касцёльная тэрыторыя была абнесеная новай каменнай агароджай з брамаю ў выглядзе цагляных атынкаваных слупоў. Справа ад святыні ў агароджу была ўбудаваная 2-пралётная каменная званіца. На гэты час у лагойскай парафіі налічвалася больш за 5200 вернікаў. Абслугоўвалі яе капліцы ў Емельянаве і Тадуліне (цяпер у Смалявіцкім р-не), а таксама капліца на лагойскіх парафіяльных могілках. Апошняя была пабудаваная ў цэнтры могілак яшчэ ў 1793 г. з матэрыялаў разабранага старога драўлянага касцёла. Квадратная ў плане (каля 6,5 на 6,3 м), пакрытая гонтаю і завершаная купалком са звонам, капліца была асвечаная ў 1795 г. Алтар яе быў ілюзорна напісаны на дошках. Існавала яшчэ капліца ў палацы Тышкевічаў «унутры панскага дома», зробленая ў 1814 г.

Касцёл да вайны

Касцёл св. Казіміра дзейнічаў да 1950-х гг., але пасля яго зачынілі і з цягам часу разабралі. Знішчылі і капліцу на могілках.

Касцёл у сярэдзіне 60-х. Ужо без званіцы

У канцы 1980-х гг. на гэтым месцы быў устаноўлены крыж і вернікі пачалі дамагацца дазволу на будаўніцтва новага касцёла. У хуткім часе па праекце мінскага архітэктара М. Калечыца пачалося ўзвядзенне новай святыні. Улетку 1999 г. будаўнічыя работы скончыліся, і 19 чэрвеня касцёл быў кансэкраваны пад тытулам св. Казіміра. Гэта прамакутны ў плане, цагляны і атынкаваны, з невялікім трансептам і 2 закрыстыямі пры прэзбітэрыі, будынак. Налева ад уваходу асіметрычна прыбудаваная вежа-званіца. Інтэр’ер перакрыты каробчатымі скляпеннямі.

План новага касцёла

Заходнюю частку лагойскай парафіі з пачатку ХХ ст. абслугоўвала драўляная капліца на могілках у в. Харужанцы. У яе алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Марыі Панны. Капліца дзейнічала да канца 1930-х гг.