Лагойскі парк Тышкевічаў

Парк закладваўся адначасова з будаўніцтвам палаца: 1814–1819 гг. Піям Тышкевічам. Будаўніцтву парка садзейнічалі гістарычныя асаблівасці тэрыторыі існавання замка эпохі Кіеўскай Русі (XI–XII ст.). Ён узвышаўся на высокай (да 25 метраў над поймай) тэрасе ракі Гайна. Займаў плошчу 1.5 га. У аснову планіроўкі пакладзены прынцыпы раскрыцця далёкіх перспектываў на раку Гайна і выкарыстанні рэшткаў былых замкавых умацаванняў з ровамі: у мінулым глыбінёй — 4–5 метраў, шырынёй — 16–18 метраў. Яны паўкальцом акружылі замкавы двор.

Даўно парушана старая гідралагічная сістэма. Зараз, пасля рэканструкцыі, вада ў равы падаецца помпай з Гайны. У найбольш шырокай частцы былога ірва створаны вадаём. Вал, які парос дрэвамі, застаецца адным з найбольш выразных элементаў парку, па ім праходзіць сцежка з відамі на наваколле.

Маляўнічыя рамкі перспектываў утвараюць дрэвы, якімі параслі схілы вала. З паўночнай часткі вала, у выглядзе востага храбетніка, адкрываюцца віды на цэнтральную частку парка з руінамі палаца. Бліжэй да ракі размешчаны круглы вадаём з фантанам, якім завяршаецца замкавы роў. Раней тут была крыніца. З другога боку вала — паляна-катлавіна, якая ўтворана ў сувязі з пашырэннем замкавага двара. У наш час паляна зменена пасадкай культур таполі канадскай, марыландскай і клёна ясенялістнага.

Былы замкавы двор параўнальна вялікі, займае найбольш высокую частку тэрасы, якая крута абрываецца да поймы. Грэбень тэрасы зрэзаны і моцна схвачаны карнявымі сістэмамі старых дрэў. Унізе пойма заўсёды вільготная, парослая вольхамі. Тэрыторыя двара ўтулая, параўнальна аўтаномная частка парку і дзякуючы перспектывам, візуальна звязаная з Гайнай, з Лагойскам. Акцэнтам перспектываў з’яўляецца Мікалаеўская царква (1824 год), а далей, на ўзвышшы, ў атачэнні старых клёнаў бачыўся касцёл: усыпальніца Тышкевічаў. Будынак галоўным фасадам быў арыентаваны ў бок парку.

Парк працягваўся на 700 метраў уздоўж правага берага Гайны. Ён не мае выразнай кампазіцыі, вузкая алея праходзіць між садамі і паркамі. Яна мела дзве брамы з вартаўніцамі. Адна з вартаўніц захавалася.

Мапа Лагойскага парка

У аснову планіроўкі парку пакладзена дзвухпрамянёвая перспектыва ў бок ракі. Адна з іх праходзіла праз паляну, якую абрамлялі з аднаго боку белыя таполі, з другога — яліны, чым дасягаўся светавы эфект. Ля самой Гайны размешчаны дзве паўкруглыя групы ліпаў, у выглядзе падковы. Каля адной была альтана. Гэта было найбольш сумотнае месца ў парку.

Крама «Продукты» ў былой вартоўні

Паркавая прастора паміж палянамі на восі палаца крыху прыўзнятая. Яе займалі кветкавы партэр, а бліжэй да ракі — дрэвавы масіў. Гэта найбольш жывапісная частка парку, якая добра захавалася . Масіў злучаецца з пасаджэннямі ўздоўж поймы. Тут невялікі вадаём. Ён меў дэкаратыўнае значэнне, на беразе была альтана, а побач стаяў невялічкі шклозавод.

Стары драўляны мост, які вядзе праз раку Гайна з парка

Ад палаца ўздоўж поймы праз дрэвавы масіў праходзіў прагулачны шлях. Яго напрамак быў звязаны таксама з крыніцамі. Крыніцы складалі дзівоснасць парку. Ніхто не ведае, колькі іх было, а кажуць, што крынічак было столькі, колькі паркавых дарожак. Крыніцы жывілі старажытныя равы, сажалку і Гайну. Іх галасы было чуваць па ўсім парку, крыніцы не проста журчэлі, яны спявалі. Крынічная вада мела лекавыя якасці. Парк меў разнастайны дрэвастой — каля 300 назваў дрэў і кустоў. Найбольш унікальнымі былі дрэвы: ліпа буйналістная Vitifolia, ліпа мелкалістная залацістая, захаваўся ясень пенсільванскі з беластракатым лісцем Albamarginata.

Схема парка 1989 г.