5 лютага 1806 года ў Тышкевічаў нарадзіўся сын Канстанцін. Ранняе дзяцінства яго прайшло тут, у Лагойску, сярод гэтых велічных і таямнічых узгоркаў. Таямнічасць жыла ў шматлікіх легендах, хвалюючых уяўленне расказах і айчыйнай гісторыі, якую добра ведалі і бацька, і маці. Магчыма, тады ўжо ён марыў разгадаць тайны, пакінутыя продкамі. Канстанцін атрымаў добрую адукацыю, калі вучыўся ў папулярных тады навучальных установах: у Забельскай (цяпер Верхнядзвінскі раён) дамініканскай школе і Полацкім іезуіцкім калегіуме. Тут былі выдатныя бібліятэкі, кабінеты з рэдкімі дапаможнікамі, таленавітыя выкладчыкі. А ў 1823 годзе ён паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Універсітэт перажываў тады цяжкі час. Ішло следства па справе тайных студэнцкіх арганізацый філаматаў і філарэтаў. Дзесяткі студэнтаў былі арыштаваны і чакалі рашэння аб сваім лёсе за тоўстымі сценамі віленскіх манастыроў, ператвораных у турэмныя камеры. I сярод іх Адам Міцкевіч з бліжэйшымі сябрамі.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Канстанцін Тышкевіч на працягу васьми гадоў служыў у міністэрстве фінансаў у Варшаве, а затым выйшаў у адстаўку. Яму было трыццаць гадоў, і ён вярнуўся ў родавае гняздо — у Лагойск. Заняўся гаспадарчымі рэформамі, прымяняючы свае тэарэтычныя веды і ўспамінаючы ўбачанае ў краінах Еўропы, дзе бываў па службовых справах. Праз некалькі гадоў можна было парадавацца вынікам, так пісалі браты Тышкевічы ў 1847 годзе:
Мястэчка Лагойск вядома ў Барысаўскім павеце промысламі мануфактурамі. Фабрыка льняных і баваўняна-папяровых тканін дасягнула ўжо пэўнай стунені дасканаласці: тканіны выпускаюцца як грубыя, так і найтанчэйшыя. Акрамя іншаземцаў, запрошаных з Германіі, працуюць 80 мужчын і 5 жанчын. Ільняная пража закупляецца мясцовая, а баваўнянапапяровая прывозіцца з Манчэсцера. Другой вартай увагі вытворчасцю з’яўляецца ліцейная, якая забяспечвае насельніцтва патрэбнымі ў гаспадарцы жалезнымі прадметамі. На чугун пераплаўляецца металалом. Пробы паказваюць высокую якасць.
Ды ўсё ж не гаспадарчая дзейнасць стала галоўным заняткам Канстанціна Тышкевіча. Асноўны час, сілы і сродкі аддаюцца другому захапленню, а дакладней, мэце ўсяго жыцця — вывучэнню гісторыі свайго краю. Былы фінансавы чыноўнік пачынае спрабаваць разгадваць таямніцы тых гістарычных помнікаў, якія ён бачыў з дзяцінства, — курганоў, гарадзішчаў, замкаў Лагойшчыны. Паступова арэал даследванняў пашыраецца і ахоплівае многія мясціны цэнтральнай Беларусі. Летнія месяцы ён праводзіць, даследуючы археалагічныя помнікі, вывучаючы прыроду і быт.
Кожнае лета Канстанцін абвык наладжваць навуковыя падарожжы па краю. Гэта былі сапраўды навуковыя, а не аматарскія даследванні. З прымяненнем методык, якія з часам стануць абавязковымі, без якіх у сучаснай археалогіі, напрыклад, не абыходзіцца ні адзін даследчык: вядзенне дзённікаў, складанне тапаграфічных планаў. З імем Канстанціна Тышкевіча звязана зараджэнне беларускай археалогіі як навукі. Матэрыялы даследванняў соцен помнікаў аформіліся ў манументальныя працы: «Аб курганах у Літве і Заходняй Русі», «Гістарычныя звесткі аб замках, гарадзішчах і курганах на Літве і Русі Літоўскай». Выклікалі інтарэс вучоных і прадстаўленыя ім матэрыялы на археалагічнай выстаўцы ў Маскве. А Маскоўскае археалагічнае таварыства выбрала яго сваім ганаровым членам. Работамі бёларўскага даследчыка цікавяцца і ў іншых краінах, і сведчанне таму — членства ў этнаграфічным таварыстве Усходняй Амерыкі, Парыжскім геаграфічным таварыстве.
У 50-я гады Канстанцін Тышкевіч задумвае грандыёзны навуковы праект — падарожжа па Віліі ад вытокаў да вусця для вывучэння прыроды, этнаграфіі, прылеглай тэрыторыі. Ім была збудавана спецыяльная флатылія, і ў 1857 годзе Тышкевіч з некалькімі памочнікамі ажыццявіў гэта падарожжа. Ён пабываў амаль у трохстах населеных нунктах, імкнучыся сабраць максімальную колькасць звестак. У 1871 годзе, на жаль, ужо праз тры гады пасля яго смерці, выйшла кніга, прысвечаная вынікам экспедыцыі: «Вілія і яе берагі». Калі чытаеш кнігу, не пакідае пачуццё захаплення і глыбокай пашаны перад яе аўтарам. Не толькі за тыя ўнікальныя звесткі, якія ім сабраны і апрацаваны. «Вілія і яе берагі» — гордасць за родную зямлю, прызнанне ёй у любові, непакой за яе лёс. Гэта своеасаблівы падручнік па патрыятызму.
Усім сэрцам люблю зямлю, што дала мне жыццё, што ў старасці корміць хлебам, што не адмовіць у апошнім прытулку. Кожны з нас, хто хоць крыху мае сілы, абавязаны для сваёй зямлі, для навукі ўнесці сваю долю.
Гэтае перакананне Канстанціна Тышкевіча было і перакананнем яго малодшага брата Яўстаха.